Рашэнне аб стварэнні музея Васіля Быкава ў
Гародні аднадушна было прынята 7 ліпеня 2003 года на сходзе
Гродзенскага гарадскога грамадскага аб'яднання ветэранаў
вайны, працы і ўзброеных сіл па прапанове ўдзельнікаў
Вялікай Айчыннай вайны.
Дамовіліся размясціць музей у офісе
аб'яднання па вуліцы Савецкай (дом 31, комната 12). Пакойчык
невялікі і для музея цеснаваты, але іншай плошчы ветэраны не
мелі. Абавязкі кіраўніка музея аб'яднанне ўсклала на
старшыню сваёй Рады ветэрана вайны, дацэнта Гродзенскага
дзяржуніверсітэта імя Я.Купалы Мельнікава Мікалая
Аляксандравіча, чалавека энергічнага і няўрымслівага
рупліўца на ніве беларускага адраджэння.
Гэта, па-сутнасці, першы крок на
Гродзеншчыне па ўвекавечанню памяці нашага вялікага земляка,
сусветна вядомага пісьменніка.
Прызначэнне музея Васіля Быкава
шматграннае, але найпершай і галоўнай задачай, абавязкам мы
лічым зрабіць музей і яго працу своеасаблівым цэнтрам і
асяродкам культурна-асветніцкай, літаратурнай і краяведчай
дзейнасці на Прынёманшчыне па дастойнаму ўвекавечанню памяці
вялікага пісьменніка і грамадзяніна нашай эпохі.
Праз розныя формы працы мы будзем
імкнуцца найбольш поўна раскрыць людзям веліч Васіля Быкава
для Бацькаўшчыны, зрабіць агульна вядомымі асноўныя старонкі
і вехі яго жыцця і творчасці і такім чынам садзейнічаць хоць
у нейкай ступені фарміраванню ў людзей такіх якасцей і
каштоўнасцей як гуманізм і чалавечнасць, праўдалюбства і
справядлівасць, патрыятызм і высокая грамадзянскасць,
адказнасць перад сваім сумленнем, якія так высока цаніў,
якімі даражыў Быкаў, дзе б яны ні праяўляліся - на вайне ці
ў мірным жыцці.
Наш святы абавязак сказаць і
давесці людзям, асабліва моладзі ды іншыя гарадзенцам, што
Гародня - горад Быкава, дзе ён пражыў амаль чвэрць стагоддзя
і дзе напісаў не толькі свае першыя апавяданні, але ці не
бальшыню сваіх цудоўных сусветна вядромых твораў. Тут ён
стаў Героем працы, лаурэатам Ленінскай, дзяржаўнай і
інш.прэмій. Таму наша мэта і задача не аддаць забыццю імя
слыннага гарадзенца і славутага пісьменніка сучаснасці. Мы
будзем рабіць усё неабходнае, каб яго постаць, жыццё і
творчасць сталі прадметам цікавасці ўсіх і на яго прыкладзе
раслі і выхоўваліся нашы сучаснікі.
Дзейнасць музея В. Быкава — гэта
хоць і невялікая, але ўжо свая гісторыя. Бо за гэтыя 2-3
гады яго фарміравання і працоўнага шляху на яго рахунку шмат
добрых спраў і набыткаў. У асноўным завершана афармленне
экспазіцыі і музей папоўніўся многімі новымі матэрыяламі.
Але калі заглянуць у самы пачатак, то музей такі у нас
з'явіўся не выпадкова, а стаў працягам працы па падтрымцы
В.Быкава як пісьменніка-патрыёта яшчэ пры яго жыцці. Наша
аб'яднанне ўжо з самага пачатку свайго існавання актыўна
выступала ў абарону і падтрымку вялікага сына зямлі
беларускай. Пра гэта сведчаць нашы шматлікія пісьмы, звароты,
публікацыі ў прэце супраць знявагі народнага пісьменніка,
вястуна праўды і людской справядлівасці. Сярод іх публікацыі:
"Васіль Быкаў - сумленне нацыі", "Рукі прэч ад Васіля Быкава",
"Яго творы даюць ратаванне" і інш. Двойчы выступалі ветэраны
з прапановай вылучыць В.Быкава на Нобелеўскую прэмію". Пра
ўсё гэта цяпер сведчаць стэнды экспазіцыі музея.
Жыццёвы і творцы шлях В.Быкава
раскрыты на стэндах экспазіцыі "Васіль Быкаў - сумленне і
гонар нацыі", "Васіль Быкаў на Гродзеншчыне", "На малой
Радзіме вялікага сына" і іншых.
Сярод экспанатаў музея прыцягваюць
увагу наведвальнікаў многія асабістыя дакументы пісьменніка
і лісты як яго, так і да яго, чарнавыя рукапісы ягоных
твораў, асабістыя рэчы пісьменніка - сярод іх кававарка,
аўтаручкі і інш.
Вялікую дапамогу музею па збору
матэрыялаў аказала жонка пісьменніка Ірына Міхайлаўна, яго
сыны, а таксама сябры, пісьменнікі, журналісты, навукоўцы.
А цяпер аб асноўных напрамках працы
Хоць цяпер шмат клопату по пошуку новых
матэрыялаў і ўдасканаленню разгорнутай экспазіцыі, мы
вызначылі асноўныя накірункі яго работы з людзьмі па
ўвекавечанню памяці В.Быкава і выкананню канкрэтных
намечаных мерапрыемстваў ажыццяўлення праекта. Вось
некаторыя з іх:
- сумесна з бібліятэкай аб'яднання "Спадчына" правядзём
чытацкую канферэнцыю па кнізе В.Быкава "Доўгая дарога дадому";
- разам з сябрамі аб'яднання і з удзелам навукоўцаў,
пісьменнікаў, журналістаў зладзім дыскусію на тэму "Высокая
грамадзянскасць і чалавечнасць Быкава - прыклад у спадчыну
нам";
- сустрэча наведвальнікаў музея з народным паэтам Беларусі і
сябрам Васіля Быкава Рыгорам Барадуліным і размова пра яго
кнігу паэзіі "Ксты", прадстаўленую на прысваенне яму звання
лаурэата Нобелеўскай прэміі;
- сумесна з настаўнікамі мовы і літаратуры правядзём чарговы
вольны конкурс сачыненняў па творах В.Быкава;
- арганізуем паездку на малую Радзіму пісьменніка В.Быкава з
мэтай сустрэч з яго роднымі, блізкімі і землякамі, запісу іх
успамінаў і збору матэрыялаў;
- намячаем правесці ў Гародні віктарыну па пытаннях,
звязанных з жыццём і творчасцю В.Быкава, удзельнічаць у якой
могуць усе жадаючыя гарадзенцы;
- правядзенне конкурса малюнкаў, ілюстрацый мастакоў Гародні
пад назовам-дэвізам "Любімыя героі быкаўскіх твораў".
Мы звярнуліся да мясцовых уладаў з просьбай-хадайніцтвам аб
тым, каб у Гродна была ўстаноўлена мемарыяльная дошка хоць
на адным з дамоў, дзе жыў В.Быкаў, названа яго імем вуліца ў
горадзе, а таксама было прысвоена гэтае імя адной са школ
Гародні. Калі гэта і многае іншае будзе зроблена, то можна
будзе ўжо гаварыць аб нейкай выніковасці нашай працы.
Мы не трацім надзеі, што лёд урэшце скранецца... Таму
сведчанне -рост цікавасці да музея і асобы Васіля Быкава
многіх людзей розных узростаў і прафесій. Вядома, першымі
наведвальнікамі музея В.Быкава сталі людзі старэйшага
ўзросту, каму не абыякава памяць аб вялікім сыне беларускага
народа. На экскурсіі ў музей прыходзяць таксама вучні школ,
нярэдка ўсім класам, студэнты ўніверсітэтаў, служачыя і
рабочыя, нават прадпрымальнікі.
Па тэматыцы твораў В.Быкава працуюць
некалькі школьных літаратурных гурткоў, два клубы "3 Быкавым
у сэрцы". У кнізе водгукаў ёсць ужо і першыя запісы
наведвальнікаў музея. Усе яны ўхваляюць першыя крокі па
стварэнні музея В.Быкава ў Гародні і сцвярджаюць, што такі
пісьменнікі варты ўсенароднай любові і пашаны.
Музей правёў ужо сярод школьнікаў першы
конкурс сачыненняў па творах В.Быкава і як памечана вышэй
будзе праводзіць іх і надалей. Музей таксама будзе шырока
практыкаваць чытацкія канферэнцыі, якія дапамогуць чытачам
усведамляць найболып актуальныя праблемы, што ставіць
В.Быкаў у сваёй творчасці.
Для нармальнага функцыянавання музея
В. Быкава неабходна матэрыяльная дапамога і патрэбнае
абсталяванне.
1. Перш аплата арэнды памяшкання...
2. Узнагароджанне супрацоўнікаў музея: кіраўнік музея,
захавальнік фонда, навуковы кансультант і экскурсавод.
3. Папаўненне бібліятэкі музея і набыццё кніг В.Быкава і інш.
4. Набыццё неабходнага тэхнічнага абсталявання: музычны
цэнтр, магнітафон для запісу і захавання ў фондах музея
сустрэч, гутарак і выступаў найбольш цікавых людзей, якія
добра ведалі В.Быкава, дыктафон для запісу цікавых
матэрыялаў для выкарыстання іх затым у прэсе і на радыё.
|