Фотаздымкі

Гісторыя музея

  Музей з'явіўся працягам працы па падтрымцы Васіля Быкава, якая вялася гарадзенскім гарадскім аб'яднаннем ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сіл з самага пачатку яго заснавання. Яшчэ пры жыцці Васіля Быкава сябры аб'яднання немалыя высілкі прыкладалі ў падтрымку пісьменніка. Яны патрабавалі спыніць шалёны паклёп па яго адрасу. Былі апублікаваны ў прэсе карэспандэнцыі "Рукі прэч ад Быкава", "Быкаў з намі", "Васіль Быкаў - сумленне нацыі". Ветэраны выступілі са зваротамі да грамадскасці і палітычных партый, да сусветнай супольнасці, да ўсіх беларусаў падняць свой голас за пісьменніка і грамадзяніна нашай краіны, выказаць яму спачуванне. Двойчы ўносілі прапанову вылучыць народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава на прысваенне Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры.

  Смерць Васіля Быкава ўсхвалявала душы нашых ветэранаў, з вялікім болем адгукнулася ў іх сэрцах. Яны ўспрынялі яе як страту сябра, патрыёта, настаўніка беларускага народа. На сэрцы лёг камень... Рада аб'яднання накіравала ўдзельнікаў вайны 1941-45 гг. Закурдаева Л.Г., і Мельнікава М.А. на пахаванне Васіля Быкава.

  Усіх, хто прыйшоў з кветкамі ў руках развітацца з вялікім пісьменнікам, а іх было не менш 70 тысяч, убачанае скалыхнула вялікай сілай болю. Людзі з'явіліся, каб прасіць прабачэння, адкупіць сваю віну перад чалавекам, які заклікаў нас устаць з каленяў дзеля сваёй годнасці і гонару Айчыны. Людзі ішлі за труной, авеяныя бел-чырвона-белым сцягам, са слязьмі на вачах...

  Наш Леанід Закурдаеў на пытанне беларускага тэлебачання: "Што прывяло Вас на пахаванне? - адказаў: "Любоў да Быкава і ненавісць да тыраніі"...

  7 ліпеня сябры ветэранскага аб'яднання прыйшлі на сход, прысвечаны памяці В. Быкава. Тэму сходу акрэслілі так: "Жыў, каб была Айчына". Выступоўцы адзначалі, што ў пошуку сапраўднага плёну ў жыцці арыенцірам могуць служыць яго кнігі. Яны, як свежы глыток вады. Як прыветны агеньчык, што даюць ратаванне заблукалым. Адначасова творы Быкава - гэта гонар не толькі нашай нацыі. Яны знайшлі водгук у душы кожнага, хто жыве на свеце па законах дабра і справядлівасці.
Удзельнікі вайны 1941-45 гг, вязні палітычных рэпрэсій і ветэраны працы аднадушна выказаліся за тое, каб у офісе ветэранскага аб'яднання - невялікім пакойчыку № 12 па вуліцы Савецкай, 31, стварыць музей Васіля Быкава. Звярнуліся таксама з хадайніцтвам да гарадскіх уладаў і прапанавалі цяперашні бульвар Ленінскага камсамолу назваць імем Васіля Быкава і прысвоіць ягонае імя таксама 24-й і 26-й школам абласнога цэнтра.

  Адразу пачалася напружаная праца па стварэнні музея. Тым болей, вялікі пісьменнік доўга жыў і працаваў у нашай Гародні. Тут ён напісаў значнуго частку сваіх твораў. Усё гэтае па нашай задуме павінна было знайсці сваё адлюстраванне ў канкрэтных экспанатах, дакументах, на стэндах экспазіцыі пра жыццё і творчасць вялікага пісьменніка і патрыёта Васіля Быкава.

  Першымі на дапамогу нам прыйшлі сын Быкава Васіль Васільевіч і жонка пісьменніка Ірына Міхайлаўна Быкава. Гэта яны перадалі музею на захаванне многія дакументы, кнігі, рукапісы і машынапісныя чарнавікі, мандат дэлегата 5-га з'езду пісьменнікаў СССР, працоўную кніжку, членскі білет Саюза пісьменнікаў СССР, яго рабочы блакнот, з асабістых рэчаў - аўтаручкі, кававарку і многае іншае.

  Яго былыя сябры і. калегі па працы Апанас Цыхун, Данута Бічэль, Вольга Іпатава прыслалі свае ўспаміны. Журналіст Ніна Лідская перадала кампакт-дыск з 27-мі выступленнямі Быкава на радыё Свабода, а вядомы фатограф Аркадзь Пераход перадаў музею зробленыя ім фотаздымкі В.Быкава на Гарадзеншчыне ў 50-70 гады.

  Прыемна здзіўляе ўсіх наведвальнікаў музея экспанат-малюнак дзяўчынкі - шасцікласніцы з Тамілінскай школы Тані Рабавай, якая выканала акварэллю ілюстрацыю да "Альпійскай балады" пад назовам "Іван і Джулія". Бачна, што яна ўклала ў сваё тварэнне ўсю сваю дзіцячую душу і павагу да любімага твору і яго аўтара.

  У падарунак музею атрымалі мы цікавую металёвую кампазіцыю "Бусел - сімвал Беларусі" ад гарадзенскага мастака-каваля Юрася Мацко. Гэта птушка сімвалізуе сабой імкненне да прастору і дабрыні на зямлі, чысціні душы і справядлівасці, што так любіў і спавядаў Быкаў, хоць многія злыя сілы перашкаджалі яму быць такім.

  Добра, здаецца, упісаўся ў інтэр'ер музея і ягоную экспазіцыю і бюст Васіля Быкава, выкананы гарадзенскім скульптарам Анатолем Салетыцкім. Даведаўшыся пра наш музей, адклікнуўся і вядомы руплівец беларускага культурнага адраджэння з прыватнага музея мастацтва ў Старых Дарогах Анатоль Белы і выслаў буклет з выяваю скульптур Быкава, Геніюш і іншых славутасцяў Беларусі.

  Асобна тут і з вялікай удзячнасцю хацелася б падкрэсліць тое, як пастаянна і многа дбае аб папаўненні экспазіцыі музея, яго фондаў сама Ірына Міхайлаўна Быкава. Гэта менавіта той прыклад сапраўдных і непраходзячых клопатаў жонкі і сяброўкі вялікага пісьменніка, самага блізкага яму чалавека і памочніка. Яна была такой самаадданай і нястомнай яго памочніцай не толькі пры жыцці, але і цяпер з'яўляецца вялікай руплівіцай у захаванні і ўвекавачанні яго памяці. Ірына Міхайлаўна пастаянна і нястомна шукае і перадае нам розныя матэрыялы, стараецца, каб музей няспынна папаўняўся і жыў. Усе гэта сведчыць пра тое, што для яе Васіль Уладзіміравіч не памёр... толькі цяпер яе клопат і шчыраванне скіраваны на тое, каб дапамагчы нам, усім людзям захаваць і ўвекавечыць яго памяць. Мы ж са свайго боку ведаем, што каму ж як не нам, не музею быць цэнтрам і своеасаблівай народнаю скарбонкай збірання па крупінках гэтай памяці і яе ўвекавачання? Тым болей, што пры ўсім гэтым мы маем на ўвазе і тое, што наша Гародня пасля вёскі Бычкі на Віцебшчыне - другая радзіма Васіля Быкава, якая нарадзіла, вырасціла і дала свету Быкава-пісьменніка. Гэта ва ўсіх, хто тут жыве, не толькі выклікае почуццё гонару, але і да многага нас абавязвае.

  Каштоўным сведчаннем усенароднай любові да Быкава, яго папулярнасці ў народзе з'яўляюцца ў нашым фондзе лісты, паштоўкі, тэлеграмы да яго ад вучняў, настаўнікаў, пісьменнікаў, работнікаў культуры з розных куткоў былога СССР.

  Сярод экспанатаўарыгіналаў пажоўклыя ад часу машынапісныя чарнавікі "Сотнікава" з праўкамі Васіля Быкава, яны, безумоўна, прыцягваюць да сябе ўвагу наведвальнікаў. Але з-за абмежаванасці плошчы многае не экспануецца, а ляжыць у імянных папках тых, хто перадаў нам матэрыялы.

  Хоць і нялёгка, але пакрысе ідзе мастацкае і тэхнічнае афармленне музея, разгортваные яго экспазіцыі. Так, летась, напярэдадні 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка былі падрыхтаваны першыя два стэнды экспазіцыі "Васіль Быкаў - сумленне і гонар нацыі" і "Васіль Быкаў на Гарадзеншчыне". Цяпер ідзе іх папаўненне новымі знаходкамі і матэрыяламі.

  Што тычыцца кніг В, Быкава і іншых пісьменнікаў ў нашай бібліятэцы "Спадчына", то іх збор пачаўся даўно, яшчэ пры жыцці Васіля Уладзіміравіча.

  Пра наша аб'яднанне і яго бібліятэку "Спадчына" аднойчы расказаў яму пры сустрэчы ў Менску старшыня Рады Мікола Мельнікаў. Быкаў з ухвалаю ўспрыняў гэта і праз некаторы час перадаў сваю аповесць "Зднак бяды", а чытачы, асабліва яго знаёмыя падарылі нам шмат іншых кніг пісьменніка і яго калег па пяру, многія з аўтографамі.

  Такім чынам за кошт паступлення кніг значна пашырылася наша бібліятэка "Спадчына". У выніку толькі творы самога В. Быкава занялі асобную паліцу з назовам "Проза сэрца". Сярод іх ёсць кніжкі, выдадзеныя не толькі на беларускай і рускай, але і на польскай, літоўскай, французскай, балгарскай і іншых мовах, якія красамоўна адлюстоўваюць павагу да яго ў свеце.

  Дзве вялікія пасылкі кніг яшчэ да стварэння музея В. Быкава прыслаў беларускі інстытут навукі і мастацтва з Нью-Ёрку, які ўзначальвае вучоны ды грамадскі дзеяч Вітаўт Кіпель.

  Безумоўна, не пакінулі без увагі музей В. Быкава сучасныя беларускія пісьменнікі і дзеячы культуры. Напрыклад, некаторыя свае творы перадалі Уладзімір Арлоў, Вольга Іпатава, Данута Бічэль, Алесь Пашкевіч, Юрка Голуб, Лідзія Савік, Сяргей Чыгрын, Марыя Шаўчонак, Людміла Кебіч і іншыя. Галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў" Барыс Пятровіч (Сачанка) падараваў музею амаль усе нумары часопіса на мінулы 2004 юбілейный быкаўскі год, дзе зрэшты ёсть і апошнія творы Быкава Даслаў музею некаторыя свае артыкулы Алег Трусаў ды і многія іншыя аўтары спрычыніліся да стварэння музея Васіля Быкава ў Гародні.

  Паступаюць да нас таксама кнігі аб вайне 1941-45 гадоў з нагоды набліжэння 60-годдзя перамогі.

  Пэўны ўклад у справу стварэння музея зрабіла радыё Свабода. Ад іх мы атрымалі кнігі "Доўгая дарога дадому" і "Быкаў на радыё Свабода", а таксама збор выступаў класіка беларускай літаратуры ў эфіры Свабоды і фільм Віктара Корзуна "Васіль Быкаў. Вяртанне" са словамі пісьменніка за кадрам. На жаль, для яго прагляду ў музеі няма ні тэлевізара. Ні нават сваёй відэапрыстаўкі.

  Цяпер мы з сабраных новых матэрыялаў падрыхтавалі два новых стэнды экспазіцыі "Памятныя і дарагія мясціны" і "На малой радзіме вялікага сына".

  З нагоды 95-х угодкаў нараджэння сусветна вядомага вучонага нашага земляка Барыса Кіта зараз працуем над альбомам "Васіль Быкаў і Барыс Кіт" пад дэвізам: "Іх сяброўства ўвасабляе вялікі дух беларускай зямлі". Апроч таго ад музея накіравалі Барысу Уладзіміравічу ў Нямеччыну віншавальны ліст, ксеракопія якога, безумоўна, будзе змешчана ў згаданым вышэй альбоме.

  А цяпер аб асноўных кірунках працы музея Васіля Быкава ў Гародні, аб істотных формах і гранях ажыццяўлення нашай праграмы. Усё гэта акрэслілі на пасяджэнні спецыяльна арганізаванага Савета музея, у склад якога ўвайшлі сябры ТБШ, журналісты, літаратары, грамадскія дзеячы, ветэраны, на чале з кіраўніком музея, удзельнікам вайны 1941-45 гадоў дацэнтам М. Мельнікавым як старшынём Рады аб'яднання. Перш вырашылі прадоўжыць збіранне твораў пісьменніка і матэрыялаў пра яго жыццёвы і творчы шлях, наладзіць сувязь з літаратурнымі і краязнаўчымі музеямі. Плануем таксама выйсці на пастаяннае супрацоўніцтва з Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеем і прысвяціць музею
і першаму яго стваральніку Алесю Белакозу стэнд-плакат.

  Па-другое, у цэнтр увагі дзейнасці музея ставім задачу папулярызацыі мастацкіх твораў В. Быкава. Дзеля гэтага пашырым кола чытачоў і праз яго творы будзем імкнуцца дапамагчы ім разабрацца ў складанасцях чалавечага жыцця, у такіх яго каштоўнасцях як праўда і справядлівасць, дабрыня і спагада і іх такіх антыподах, як зло, жорсткасць, абыякавасць і бездухоўнасць.

  І надалей працу бібліатэкі пры ветэранскім аб’яднанні, фонд якой камплектуецца з 1996 года, будзем разглядаць як падмурак музея Васіля Быкава, Шырока будзем выкарыстоўваць у бібліятэцы "Спадчына" і самім музеі розныя іншыя формы працы з чытачамі і яго наведвальнікамі. Тым болей, для гэтага. у нас ёсць ужо не толькі кнігі В.Быкава і музейныя экспанаты; матэрыалы аб яго жыцці і творчаеці, але і першыя напрацоўкі, экскурсіі, вучоба і перайманне досведу іншых, такіх як музей М. Багадановіча ў Гародні і ўжо згаданыя вышэй першыя стасункі з музеем А. Белага ў Старых Дарогах і многае іншае.

  У першых кроках працы радуе і абнадзейвае тое, што наша супрацоўніца Ніна Іванаўна Лідская як дасведчаны бібліятэкар і журналіст усё робіць для таго, каб творы В. Быкава дайшлі да чытачоў Гародні, і каб да нас прыходзіла больш людзей.

  Дарэчы, Ніна Лідская рупіцца і пра тое, каб праз друк і радыё як можна больш ведалі пра нас людзі. Для гэтага пры музеі створаны Цэнтр інфармацыі, і яна як яго кіраўнік асвятляе працу музея ў друку і на радыё. Так, па яе ініцыятыве ў газетах "Біржа інфармацыі", "Перспектыва" і на радыё ўжо распавядалася пра стварэнне музея Быкава і яго першых кроках.

  Кіраўніцтва аб'яднання і Рада музея В. Быкава плануюць стварыць у нас дыскусійны клуб "Дэбаты", мэта якога праз мастацкія творы і публіцыстыку В. Быкава садзейнічаць прабуджэнню ў яго чытачоў цікаўнасці да маральных праблем сучаснага грамадства.

  Музей будзе шырока практыкаваць чытацкія канферэнцыі, якія дапамогуць чытачам усведамляць найбольш актуальныя праблемы, што ставіць Быкаў у сваёй творчасці.

  Самым, бадай, значным кірункам у дзейнасці музея стала літаратурна-творчая асацыацыя "Сугучча", аб'яднаўшая створаныя ў школах літаратурныя гурткі. У якасці эпіграфа да ассацыацыі мы ўзялі словы паэта Алеся Салаўя: "Дух праўды духу зла непадуладны, вядзе да новых светаў, новых зор!"

  На занятках гэтых гурткоў вучні змогуць засвоіць тэорыю паэтычнай творчасці, будуць спрабаваць свае сілы ў гэтай справе, але галоўнае - глыбей акунуцца ў жыццё і творчасць Васіля Быкава, разгадаць сапраўду постаці вялікага пісьменніка.

  Гурткоўцы зробяць экскурсіі на малую радзіму Быкава, па месцах, звязаных з яго жыццём і творчасцю, наведаюць літаратурна-краязнаўчыя музеі, адзначаць знамянальныя даты ў жыцці Айчыны, такія як бітва пад Грунвальдам і Воршай, гадавіну Слуцкага паўстання , утварэнне БНР, правядуць бы каўскія літаратурныя вечарыны.

  Музей Васіля Быкава прадоўжыць традыцыю аб'яднання ў правядзенні конкурсу сачыненняў школьнікаў пад назовам "Іх імёны не знікнуць у акіяне вечнасці". У ім будуць браць удзел вучні ад 8-га да 11-га класаў. Тэма прапанаванага конкурсу: абудзіць цікавасць да асобы В. Быкава. Да яго твораў, данесці да іх думку Ул. Караткевіча: "... бо як ёсць у народа такія, не загіне да веку народ". Сачыненне павінна быць на беларускай мове, утрымліваць уласныя думкі, меркаванні і асабіста погляд вучня. Ужо распрацаваны і прапануюцца ўдзельнікам прыкладныя тэмы, непасрэдна звязаныя з жыццём і творчасцю народнага пісьменніка.

  Вядома, першымі наведвальнікамі музея В. Бы-кава сталі людзі старэйшага ўзросту, каму не абыякава памяць аб вялікім сыне беларускага народа. Яны ўважліва ўглядаліся ў добра знаёмыя ім рысы постаці градзенца Быкава на яго бюсце, фатаграфіях на стэндах музея, успаміналі сустрэчы з ім. Неаднойчы заходзілі да нас журналісты, пісьменнікі, мастакі, знаёміліся з вершамі і ўспамінамі, прысвечанымі нашаму незабыўнаму Васілю Уладзіміравічу, гаварылі аб яго творах, слухалі яго няўміручы голас ў запісе на магніафоннай стужцы, рабілі фотаздымкі ўжо гатовых стэндаў і выстаўленых матэрыялаў.

  Кранальна і неяк шчымліва было на сэрцах, калі ля партрэта з кветкамі гарэла свечка у знак памяці дарагога Васіля Уладзіміравіча ў дзень яго памінання.

  Вельмі ўважліва знаёміліся з матэрыяламі аб жыцці і творчасці В. Быкава настаўнікі беларускай мовы і літаратуры школы-гімназіі № 4 з Гародні Святлана Барысік, Вольга Данільчык і Ада Мянько. Яны адну з тэм навукова-метадычнай канферэнцыі вырашылі прысвяціць творчасці В. Быкава і стварыць літаратурна-даследчы гурток вучняў старэйшых класаў па дасканалым і глыбокім вывучэнні яго твораў.

  16 сакавіка на экскурсію ў музей прыйшоў увесь клас іх школы-гімназіі, каб паглядзець, што ў нас сабрана і ёсць з матэрыялаў і кніжак вялікага пісьменніка сучаснасці.

  Зразумела, у кнізе водтукаў ёсць ужо і першыя запісы наведвальнікаў музея, людзей рознага ўзросту, поглядаў і прафесій. Усе яны ўхваляюць першыя крокі па стварэнню музея В. Быкава ў Гародні і сцвярджаюць, хто ў запісу, а хто і вусна, што такі чалавек і талент як Быкаў, які сказаў сваё слова праўды аб вайне, варты ўсенароднай любові, пашаны і ўвекавечання. І нам гэтая падтымка таксама дапамагае ў працы па збору матэрыялаў у афармленні экспазіцыі музея.

  Хоць у нас і цесна, але рупімся, каб экспазіцыя музея, наш фонд усё больш папаўняўся новымі цікавымі матэрыяламі і знаходкамі. Шчыруе над гэтым ўсім, не шкадуючы свайго часу і высілкаў, наш супрацоўнік Аляксей Дземідовіч.

  Пра першыя крокі станаўлення і жыцця нашага музея хоць і сціпла, але ўжо гаварылася ў прэсе і на радыё. Зрэшты пра гэта больш падрабязна можна даведацца і з нашага невялічкага стэнда "Пра нас пішуць і гавораць".

  Сёння музею Васіля Быкава не хапае не толькі належнай плошчы для далейшага паўнавартаснага разгортвання экспазіцыі і выстаўлення ўсіх дакументаў і матэрыялаў, але найперш грошай і матэрыяльных сродкаў, каб усё набытае належным чынам аформіць і паказаць наведвальнікам.

  Таму мы ўдзячны ўсім, хто аказвае матэрыяльную дапамогу ў гэтай нялёгкай справе і вельмі спадзяемся, што не пагасне святло нашага музея, што імя Васіля Быкава будзе заўсёды жыць у сэрцах удзячных землякоў.

 

 Мікалай Аляксандравіч Мельнікаў, старшыня Гарадзенскага гарадскога грамадскага аб'яднання ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сіл, кіраўнік музея Васіля Быкава ў Гародні, што створаны пры аб'яднанні, дацэнт, удзельнік, інвалід вайны 1941-45 г.г.

 

<<< Галоўная старонка
 


   
  Кантакт
Мікола Мельнікаў, старшыня Гродзенскага гарадскога грамадскага аб'еднання ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сіл, удельнік ВАВ, дацэнт, кіраўнік музея В. Быкава.

Гродна, 230029, вул. Горкага, д.62, кв.35.

Тэл. 48-42-12

   
Обратная связь
   
  Артыкулы
Гісторыя Музея
Госць музея Васіля Быкава ў Гародні -Вольга Іпатава
Біліятэка музея Васіля Быкава у Гародні папаўняецца
Музей Васіля Быкава ў Гародні жыве...
У музеі Васіля Быкава - новыя экспанаты


© 2006 Старонка створана пры падтрымцы www.levonevsky.org

Hosted by uCoz